УЗЛЮБЛЕНЫЯ Ў ГОСПАДЗЕ
ПАЧЭСНЫЯ ПАСТЫРЫ, БОГАЛЮБНЫЯ ІНАКІ І ІНАКІНІ,
ДАРАГІЯ БРАТЫ І СЁСТРЫ!
Падзяляючы з вамі радасць аб Сыне Божым, Які з’явіўся ў свет, віншую ўсіх вас са светлым святам Ражджаства Госпада і Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста!
У гэтыя дні вялікай урачыстасці, калі сэрцы нашы напоўнены духоўным трыумфам, а нашы галасы зліваюцца з ангельскім услаўленнем «слава ў вышынях Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля» (Лк. 2:14), самы час задумацца пра духоўную значнасць гэтай евангельскай падзеі.
Таямніца яўлення Бога ў плоці (1 Цім. 3:16) змяніла ход гісторыі, прынесла свету і ўсяму чалавецтву Божы мір і Яго добрую волю. Гасподзь цаною ўчалавечання здабыўшы права царстваваць над намі, — паводле слова свяціцеля Філарэта (Драздова), — уладарыць над намі толькі дзеля нас, а бязмежная ўлада Божага Сына ёсць толькі разнастайнае служэнне Сваім стварэнням. Яго Ражджаство адкрыла нам шлях да Царства Нябеснага, і кожны, хто прыкладае намаганні, здабывае яго (Мф. 11:12).
Што за намаганні нам трэба прыкласці? Чаго жадае ад нас Гасподзь?
Перш за ўсё — гэта вера ў Сына Божага, якая здзяйсняецца любоўю. Па любві да нас Спасіцель прынізіў Сябе і стаўшы чалавекам, прыняў вобраз раба. Па любові да Яго мы пакліканы апрануцца ў вобраз Божы. Сваю любоў Хрыстос засведчыў смерцю на Крыжы. Сведчанне ж нашай любові да Яго — гэта пакора, ціхасць і добрыя справы, якія здзяйсняюцца ў імя Божае.